мы правозілі праз мяжу кантрабанду блокамі,
і калі ў нас часам пыталіся: "што вы паліце?"
мы заўсёды спакойна адказвалі: "толькі лёгкія".
мы вучыліся на каліноўцы ні з плошчы ні з пушчы, мы
на нулёўцы ў лодзі за год павывучвалі польскую,
мы жыўцом сузіралі зянона - цяпер мы відушчыя,
а каменны лог і кузніца - нашыя полюсы.
сумуючы па радзіме, як гэта ні пафасна,
бадзяліся па вакзалах і спалі на вуліцы.
мы самі не ў курсе, як так усё ўдала склалася -
яна нас не звала, але мы ўсё роўна вярнуліся.
і вось мы стаім цяпер перад вашымі вокнамі,
блукаючыя мазгі, гарадскія даўншыфтэры,
і палім чырвоныя мальбара проста блокамі,
і аблокі плывуць па-над намі фінальнымі тытрамі.
а потым - пачатак другога сезону, і трэйлеры
падказваюць, што нікому не будзе сорамна.
паснула пад спойлерам заўтра, дзьме вецер між вербамі,
а сёння пабелены стомаю месяц між зорамі
песціць халоднымі промнямі поле навокал, і
дрэмле ў бярлогу мядзведзіца на небакраі.
дзесьці глыбока ўсярэдзіне, паміж лёгкімі,
сэрца еўропы. б'ецца - значыць кахае.