2019

"верхні горад" у сеціве

canqnhbatlhjuavrtzslxvqszmuj[1].jpg

Не прайшло і пяці гадоў ад выхаду майго зборніка, і цяпер яго можна спампаваць у электронным выглядзе па вельмі дэмакратычным кошце. Тым больш, што папяровы наклад даўно распрадаўся.

2019

што за восень набралося

перапісдзец (дыптых)

перапішы мяне цераз онлайн
пішы хутчэй бо лепш ужо не будзе
я не хачу чакаць як прыйдуць людзі
бо перапісваў некалі і сам

перапішы мяне цераз падман
перапішы цяпер бо будзе позна
і мову родную пішы адрознай
ад мовы ўсіх апошніх магікан

перакладзі мяне цераз транслэйт
складзі ў адно мае ўсе чацвярцінкі
я ўнук паляка праўнук украінкі
і праз прабабку трошачі габрэй

перапішы мяне пасля сябе
бо мы адзіныя каму не похер
і калі шчыра я заўсёды ў шоку
што гэта некага яшчэ грабе

***

ты ім можаш расказаваць пра дзве айчыны да смерці
тут без сэнсу марыць пра нейкую разнастайнасць
мы не зыгмунт румель і зараз не сорак трэці
але іхныя коні ўжо б’юць капытамі ў стайнях

я не знаюся ні ў этналогіі ні ў лінгвістыцы
а раптоўна ўсе парабіліся ў іх прафесарамі
наша нацыя ўсё не можа ніяк нарадзіцца
хоць даўно ўжо было пара прапісваць кесарава



***

юзік у нас праблемы званілі з наса
мы прайграем у апошняй зорнай вайне
край наш падзелены горш чым за вашым часам
бо не надвое а кожны сабе наўме

неба начнога чорная палатніна
падаюць зоркі кроплямі на пагон
нам як да месяца ракам яшчэ да міру
як дабярэмся то будзе зноў палігон

кволыя промні чорныя нібы дзіры
кулямі ў спіны сыплюцца наўздагон
кола гісторыі слухае камандзіраў
лепей за ўсе каманды ідзе кругом

я быў збіраў турбіну а потым кінуў
бо керасіну таксама няма зусім
юзік даруй нам і перадай максіму
як ні прасіў ён мы да вас не ляцім

срака такая што лепш назіраць здалёку
падае хваляй будучыні крыссё
гляньце без тэлескопа бяззбройным вокам
юзік мы ўсё прасралі ці ўсё ж не ўсё

болей не просім нічога ўсяго хапіла
часам з натхненнем ты нават перагінаў
можаш паўторна даслаць пагоню ярылы
мы тут кудысьці згубілі арыгінал



***

ты сябе абвяшчаеш амаль спадкаемцам купалы
ды купала на гэткія дробязі не разменьваўся
нас заўчора ледзь-ледзь перасталі страляць па падвалах
а ўжо сёння ты клянчыш сабе пажыццёвую пенсію

ты адзін пераможаш усіх левакоў і марксістаў
хоць не надта спяшаўся дзяліцца сваім капіталам
а пасля пад сцягамі хрыста павядзеш нас маліцца
на магілы марксістаў жыдоў левакоў камісараў

і збіраючы подпісы за забароны подлыя
вы забылі даўно як былі гэтаксама гнанымі
вы спачатку хаця б пацярпелі крыху за погляды
а пасля ўжо называлі сябе хрысціянамі

з гэткай пыхай і пачуццём уласнае значнасці
я наогул не разумею як вы ўсе выжылі
мне здаецца калі б хрыстос і купала вас бачылі
то параілі б меней думаць аб срацы бліжняга


евангелле ад іуды

пад харугвамі каліноўскага
хтосьці з косамі хтосьці без
валакліся хрыстос з апосталамі
па дарозе з вільні на менск

разбіраючыся з палоннымі
чалавечы ці суччын сын
і ўзыходзіла над пагонамі
ў іх звышновая зорка палын

не згаджаючыся з загадамі
проста крочылі ўнікуды
толькі цмокі навокал падалі
як каменне на гарады

адступалі паміж казармамі
пакідаючы астравец
і за імі займалася зарыва
над градзірнямі белаэс


***

зіма ў гэтым годзе ніяк не хоча прыходзіць
таму мы плануем пачаць гуканне зімы
мяркую такое знойдзе падтрымку ў народзе
ніхто больш не хоча яе так як хочам мы

зіма ў нас на ўсіх адна і была спрадвеку
як нацыянальны скарб і аснова асноў
у нашай краіне пад сцягам белага снегу
і белым крылом белавіеўскіх буслоў

з зімовым спакоем рыхтуйма сваіх герояў
гуртуйма свой беларускі зімоўны чын
нашая справа халодная нібы зброя
зімовая змова гатовая перамагчы

зіма непазбежная і набліжаецца зноўку
мы патрабуем найлепшай з магчымых зім
умерана снежнай не слотнай і не задоўгай
абы не бясконцай не ядзернай не назусім
дом

(no subject)

а калісьці тут была сядзіба
дом двухпавярховы над франтонам
герб гаспадароў а ў парку рыба
плавала ў стаўку па дне бетонным

млын адзін старая камяніца
што калісьці будавалі немцы
з тых часоў да першай навальніцы
горкім напамінам застанецца

парк асірацеў ставы старыя
зацягнула багнаю ды тванню
і няма імя твайго марыя
пасярод ахвяраў акупантаў

на савецкім хісткім абеліску
пры дарозе каля ўскрайку парку
гаспадыню знішчылі нацысты
па вайне дабілі гаспадарку

вас увосень везлі на выгнанне
вас без зброі гналі ў бой пад кулі
мы не ведаем дагэтуль нават
дзе й калі навечна вы паснулі

дзе яшчэ віднеюцца таполі
па шляхах да спаленых палацаў
з вас ніхто не вернцца ніколі
мы не можам болей не вяртацца
2019

(no subject)

дзед валодзя выходзіць з аркі
на інтэрнацыянальнай
дзеду сем ён купляе ў ятцы
бульбу для ваеннапалонных
канваір адганяе малога
пагражае паскардзіцца маме
немцы жруць кавуновыя скуркі
вораг хоча есці таксама

дзесьці побач жывуць станюты
разам з мамай жыве аляксандр
а старэйшага аляксандра
запісалі ўжо ў паліцаі
ён не вернецца больш дадому
не шкадуюць сваіх партызаны
і ніхто не рэабілітаваны
і яшчэ не было падполля

бо жыве наш таварыш сталін
і гадоў яшчэ пяць не здохне
а падполле праект гестапа
гэта ўжо даўно даказана
пацаны гуляюць з лімонкай
і яна ў рэшце рэшт выбухае
і вайна вызірае з-за рогу
і не хочуць загойвацца раны

і не чуе толькі прабабка
і нічога не каментуе
і нічога не чуе прадзед
і маўчыць не горай за жонку
бо бацькі ў майго дзеда валодзі
надта ўчасна глуханямыя
назаўсёды і незваротна
вельмі зручна і своечасова

бо яшчэ пяці год не мінула
як габрэйку прабабку элу
мог закласці любы з суседзяў
і паехала б на тучынку
але горад у нас талерантны
так ніколі і не заклалі
і яна нарадзіла дзеда
ў сорак першым напрыканцы ўзімку

дзеда тут жа пахрысцяць побач
у архікатэдральным касцёле
дзеда хутка запішуць палякам
не па маме але па тату
а пасля майго дзеда валодзю
не захочуць браць у акцябраты
будзе ведаць жыдоўская морда
як раджацца сярод акупантаў

гэта ўсё было надта блізка
месцам нават бліжэй чым у часе
я хаджу па тых самых вулках
і выходжу праз тыя ж аркі
заўтра мы пра ўсё гэта забудзем
заўтра з нашых паветраных замкаў
зноў пачнуць атрасаць тынкоўку
і паўтораць усё спачатку

але мы ўжо ведаем праўду
і фінал даўно прадказаны
і ва ўсіх магчымых напрамках
адчыняюцца ў часе дзверы
над зямлёй чалавек пралятае
ля заходняга моста зранку
дзед з бабуляй на ганку загсу
пачынаецца новая эра
химзащита

Запарожжа - Парыж

Такмак. Запарожжа. Прапрадзед Піліп Кіян.
Кулак - заможны, хоць са звычайных сялян.
Гавораць, нібыта калісьці перад вайной
бываў на выставе ў Парыжы з садавіной.

Памёр не ў Парыжы і да вайны не дажыў,
не ведаю нават, дзе дакладна ляжыць -
я б не здзівіўся, каб з гэткай анкетай ён
быў расстраляны як французскі шпіён.

Але бяда не прыходзіць без іншай бяды:
калі прабабка ўцякла ў трыццаць трэцім сюды,
прапрадзеда між жывых ужо не было -
часам у казках перамагае зло.

Зло панавала яшчэ шмат доўгіх гадоў.
Мая бабуля не знала ўласных дзядоў.
Але немагчыма перамагаць заўжды -
вернуцца нашы дзяды і гарады.

З зерня, што кінулі ў глебу шмат год таму,
ператрываўшы ўжо не адну зіму,
вернецца шмат разоў абяцаны плён -
спраўдзяць нашчадкі прашчураў даўні сон.

Захад з Усходам вітаюцца за руку,
і неўзабаве ў Парыжы і ў Такмаку
ў сонных садах выспявае садавіна.
І далёка вайна. І Ўкраіна адна.
2019

(no subject)

ім даўно не патрэбны ніякі старонні прымус
іхняй мараю стала наяўнасць гарэлкі з закускай
і таму калі яны кажуць пра белую русь
то яна ў іх толькі для белых і толькі для рускіх

з іх ніхто не бывае ў касцёле ані ў царкве
ані ў зборы ані ў сінагозе альбо мячэце
і калі яны кажуць што тутака бог жыве
гэта каб не задумвацца пра другое прышэсце

дзе любы краявід не ўявіць без гранітных пліт
так што ўжо краявіды гэтыя ненавідзіш
тут калі яны кажуць нібыта никто не забыт
то ніхто з іх не можа прамовіць гэта на ідыш

не баяцца яны ні бога ані сатаны
ім не ўказ ані дзед-барадзед ані паца-ваца
і калі яны кажуць абы не было вайны
гэта значыць што будзе вайна але трэба здацца

2019

каб два разы не ўставаць

выхад

з гэтага боку ў горад увойдуць танкі
з іншага боку з'едуць усе хто здрадзіў
дзень нараджэння рэспублікі-партызанкі
менскі кацёл і смешны казёл на парадзе

з гэтага моманту горад застыне ў корках
уквэцаліся таксоўкі як скваркі ў кашу
у транспарце сваркі ёсць што паабмяркоўваць
глянеш і думаеш хто з іх будзе за нашых

кажуць баяцца не варта і ўсё ў парадку
што незалежнасць будзе ўжо непазбежнай
мы не забылі мы можам ізноў спачатку
танкі ўваходзяць у горад адкуль належыць

водгукі залпаў не далятуць да заўтра
роў самалётаў змоўкне і зноўку ціха
толькі ў лясох рэспубліка-партызанка
гушкае ліха і ўпарта шукае выхад



ідзі і глядзі

я паглядзеў ідзі і глядзі калі мне было тры гады
тое што гэта не скончыцца добра ясна было ўжо тады
годам пазней я наведаў утульны музей айчыннай вайны
і з таго часу ва ўсіх маіх гульнях перамагалі яны

я зразумела яшчэ не ўмеў маляваць іх крывыя крыжы
але ўжо зразумеў што трэба казаць быццам наш не той што ляжыць
часам можна паддацца на прапаганду міру святла і дабра
але не ўдасца пазбавіцца прагі спагады таму хто прайграў

гэткая логіка можа завесці далёка і мы там былі
гэта было так нядаўна што нават няёмка ўзгадваць калі
з усіх памылак юнацтва нельга сабе дараваць адну
калі на мае дзевятнаццаць прыйшлася вайна мы былі за вайну

я не ведаю што будзе заўтра і не ўпэўнены што не ўцяку
я ўяўляю чаго яны вартыя бо бываў на іхным баку
з пэўнымі тэмамі лепей не заставацца адзін на адзін
досыць палітінфармацый хадзем паглядзім ідзі і глядзі
химзащита

ноч на вайсковых могілках

на царкве званы загукалі
разам з совамі ва унісон
піянерцы вайтэнкавай галі
сніцца трыццацітысячны сон

гэткі ж сон даглядае поруч
так жа кормячы чарвякоў
камуніст аляксандр рыгоравіч
з простым прозвішчам чарвякоў

два жыцці што былі загублены
і бар'ер паміж імі знік
побач спяць аднагодка рэспублікі
і рэспублікі кіраўнік

неяк ранкам на суд іх пабудзяць
непазбежны куды ні кроч
спіце дзеці мы ўсе там будзем
а цяпер на вайсковых ноч

сьвітанак

80

вось дзе дзіва выйшаў з дому сёння
вуліца ў сцягах уся ад рання
восемдзесят год майму раёну
неўзабаве будзе святкаванне

восемдзесят год таму праклёну
вось сем вострых куляў у нагане
куля вылятае з барабана
значыць сёння некага не стане

вуліца мне родная з маленства
восемдзесят хатаў на той момант
з кожнае другой забраны нехта
ці па двое-трое з некаторых

восемдзесят год майму раёну
неўзабаве будзе святкаванне
будзе там згаданы той падонак
іменем чыім раён назвалі

восемдзесят год таму падпісваў
ён маім суседзям прыгаворы
а дзядоў маіх на гібель выслаў
ці забіў сваім галадаморам

дачынення ён зусім не мае
ні да менску ні да беларусі
пра яго напэўна там згадаюць
не ўзгадаюць тых хто не вярнуўся

2019

надо писать книгу

Я просто спросил у бабушкиной младшей сестры, Светы:

Я: Вы же говорили, что белорусский в школе не учили. Как так? Родилась в Минске, родители не военные.

С: Не хотела. Меня папа освободил. Папа поляк, мама украинка - мне и разрешили.

Мы с бабушкой наперебой поправляем, что папа у них по документам предсказуемо, но совершенно неожиданно для семьи оказался белорусом. Внучке их брата хотели сделать карту поляка, подняли документы - а прадед белорус. Кого тогда только в белорусы ни записывали.

Collapse )