Вы праглядаеце журнал [info]kabierac

узяць іх цёпленькімі

  • 16 Тра 2012 at 9:44 AM
сядзець на гары і адсвечваць сабе сярод маладой лістоты
пасмейваючыся з патруля што кудысь ідзе супрацьлеглым берагам
адсюль адкрываецца самы цудоўны выгляд на верхні горад
і адпаведна адначасова найлепшы сектар абстрэлу

вораг не можа нас скінуць адсюль падкрасціся да амбразуры
і штурмаваць згары і зайсці ў тылы гэтаксама не можа
бо ўсё прыкрыта і ў нас за плячыма лічы абарона мурам
галоўнае не пералазіць за агароджу

сысці да ракі спусціцца і адступіць пад пагрозай хмары
праз замінаваны мост дапаліць на ростані ля сабора
увайсці ў метро у кроў гэтага горада у капіляры
заснуць і назаўтра нічога не ўспомніць пра ўчора

дзень перамогі

  • 09 Тра 2012 at 10:18 AM
У.М.

Настальгія па неперажытым вяртаецца снамі, пагонямі за шпіёнамі, уцёкамі з гета,
спаленымі мастамі і цягнікамі, якія ідуць на захад апошнім летам,
апошняй нядзеляй, апошняй надзеяй марнай на лепшае развіццё падзеяў і лёсаў -
свет звар'яцее, і ўсё-ткі, аднойчы траўнем вернецца ўсё, што ў верасні засталося.

Згорбленымі ветэранамі на парадах, коркамі з іншамарак краінаў Восі,
сцёртымі контурамі старых фотакартак вернецца ўвесну калісьці трывожная восень -
тады мы з табою абавязкова запалім і ўсіх прыгадаем, з кім разам спявалі на фронце
песні пра перамогу, любоў і вяртанне, чыя вайна аказалася ўрэшце бясконцай.

Настальгія па незаспетым - тое, што робіць паэтам.
19.4.2012, Прага, Бібліятэка Вацлава Гаўла.
Уладзімір Глазаў [info]v_glazov, Антон Рудак [info]kabierac, Макс Шчур [info]kasmach. Вядоўца і перакладчык Сяргей Сматрычэнка [info]smatrycenka. + Яхім Топал і Даніэль Ваўжык.



бонус:
Матэрыял на сайце чэскай тэлевізіі
Фотаздымкі з імпрэзы
Інтэрвію Уладзіміра Глазава і Антона Рудака Ганьне Соўсь на Радыё Свабода (+ шмат смачных каментаў на сайце)

радаўніца

  • 24 Крс 2012 at 5:01 PM


Эла Мендэлеўна 30.8.1904 - 26.5.1986
Станіслаў Каралевіч 10.12.1900 - 10.11.1992



Сусед адной знаёмай. Нечакана.

яшчэ чатыры )

поўня

  • 06 Крс 2012 at 11:50 AM
сюды не ходзіць метро не прыходзіць на розум
напэўна ніхто ня можа ўявіць папросту
як лезці скрозь гэтую глебу спрадвеку мёрзлую
якая дасюль пад наркозам яшчэ з дзевяностых

і ты не шукаеш выйсця з уласнае прыстані
са станам існым ужо назаўжды змірыўшыся
ня маючы сродкаў вынайсці маласэнсоўныя
ўмовы і бескарысныя акалічнасці

памяць брыдзе між двароў і абапал дарогі
збірае здымкі сяброў і проста знаёмых
робячы чорна-белыя фотаробаты
вешае іх на раённую дошку гонару

Tags:

Мяне тут агітуюць напісаць водгук пра "Шабаны". Урэшце, мог і сам здагадацца - бо ўсе, хто хоць краем вуха чуў, што я быў на прэзентацыі і чытаў гэтую кніжку, даўно цікавяцца: ну як яно там?

Адразу прызнаюся, што гэта першая кніга Бахарэвіча, якую я прачытаў. Спрабаваў яшчэ "Праклятых гасьцей сталіцы", літаральна пару тыдняў таму - але далей 5 старонкі не прасунуўся. Іншых кніг ягоных я ўвогуле ў вочы ня бачыў - бо ў калялітаратуры я ўсяго нейкія два гады, мне раней асабліва не да кніжак было. Напрыклад, адзінаю кніжкай, якую я набыў у 2008 годзе, быў "Мільярд удараў" Юрыя Станкевіча. Гэта каб вы разумелі, як я дайшоў да жыцьця такога. Але я адхіліўся ад тэмы.

Дык вось, "Шабаны". На мой сьціплы погляд, кніга (ці аўтар?) мела шыкоўную піяр-кампанію: усе гэтыя цёркі з чанкайшыстамі, пагрозы спадара Адамовіча прыйсьці ў логава немчуры і навучыць усіх родзіну любіць (з наступным эпічным зьлівам і рэдагаваньнем гнеўнага допісу), візавыя праблемы, капіпаста "мыцішчы" ад пана вярстальніка, якая рэальна спрацавала на ЦА і г.д. Найвялікшай нечаканкай і посьпехам мне падаецца перапост справаздачы на сайце "Правага альянсу". Ну, і яшчэ хіба тое, што, як высьветлілася, Надзеі Дземідовіч прыйшлася даспадобы "ММЭБ".
уласна пра прэзентацыю і кніжку )

акт капітуляцыі

  • 02 Крс 2012 at 12:08 PM
Грамадзяне! Маё змаганне доўжылася ад 2003 году. Яшчэ ад першых дзён на шляху барацьбы за святую справу мне даводзілася саступаць і шукаць кампрамісы. У 2009, калі не адступілі і не адвярнуліся толькі лічаныя адзінкі, я застаўся верны. Але ў сённяшніх умовах далейшы супраціў не мае сэнсу. Гэта абумоўлена перадусім новымі формамі і задачамі, якія мы маем перад сабой, новым маштабам дзейнасці. Цвяроза ацэньваючы цяжар адказнасці, спадзяюся на спагаду і разуменне паплечнікаў і рашуча заяўляю:


Я перайшоў на афіцыйны правапіс.

горад z

  • 01 Крс 2012 at 2:43 PM
Паглядзеў я ўчора ранкам у вакно і зразумеў: пара ехаць у Заслаўе. То бок, ехаць туды я зьбіраўся яшчэ пару дзён таму, але тым разам мяне выцягнуў зь цягніка сябар і ўсё склалася крышку іначай.

Сеў я на звышмегахуткую сабаку швайцарскай вытворчасьці і паляцеў насустрач прывідам і ценям. Ад таго часу, як я катаўся звычайнай саўковай рыжскай электрычкай на вучобу ў Жданы, многае зьмянілася. Прыпынак "Радыятарны" цяпер месьціцца на іншы бок ад маста і называецца "Менск Паўночны". На Лябяжым павырубалі ўсе дрэвы і будуюць катэджы. У саміх Жданах паставілі нейкі плот і перайсьці чыгунку цяпер можна толькі ў адным, паложаным месцы. Карацей, ці то гэта буржуазна-капіталістычная электрычка вінаватая, ці проста я стары і хворы на галаву чалавек, але ўсё, што зрабілі цяпер з нашай чыгункай на Маладзечна, мне абсалютна не спадабалася. Адным словам: адпідарасілі. Дух старой школы там больш не жыве, гэта ўжо дакладна.

дзе жыве дух старой школы )

в сентябрьском огне

  • 31 Сак 2012 at 2:44 PM


Бабуля Зоя (трэцяя зьлева) з сяброўкамі, ліпень 1955.

яшчэ 14 )

шабаны. сёньня ўвечары

  • 22 Сак 2012 at 2:26 PM
Originally posted by [info]adamovitch at Шабаны
Originally posted by [info]kanaj at Шабаны
ПАЦАНЫ, Я СЁННЯ ІШОЎ КАРАЦЕЙ МІМА КНІГАРНІ «Ў» І ПАБАЧЫЎ БЕЛІНТЭЛЕКТУАЛА З «ВІЛЕНСКАЙАНТАЛЁГІЯЙ» ПАДПАХАЙ, НУ Я ПАДАРВАЎСЯ ДЫ ІМКЛІВА ПЕРАЁБ ЯМУ Ў КАПУСТУ З ВЯРТУХІ І ВЫЯСНІЎ ЯГО ВОКЛІЧАМ «НЕ ЛЮБЛЮ НЫЦЦЁ ПРА ЗАБРАНЫ КРАЙ», ТАМУ ШТО Я ЎЧАДЗЕЎ ПА БАХАРЭВІЧУ, ПАЦАНЫ ДУХ НОВАЙ ЛІТАРАТУРНАЙ СІТУАЦЫІ ЖЫВЕ ТОЛЬКІ НА ШАБАНАХ, ДЗЕ НОВАЯ ГЕНЕРАЦЫЯ ЛІТАРАТАРАЎ НАЯБЕНЬВАЕЦЦА ПА ХАРДКОРЫ, ДЗЕ ПАЦАНЫ ЖЫВУЦЬ «ВОБЛАЙ» ДЫ «ГАЛІЯФАМІ», ЧЫТАЮЦЬ «ТЭКСТЫ» І ЯБУЦЬ САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ У РОТ! ТОЛЬКІ ШАБАНЫ, ТОЛЬКІ SCHMERZWERK, ТОЛЬКІ ХАРДКОР! ЮНІЦІ УЛЬТРАХАРДКОР ШАБАНЫ!!! пацаны ябашце чаргінцоў, змагароў, лукашню і хіпстараў, чадзейце на прэзентацыях, любіце Беларусь і літаратуру! КАЖЫЦЕ АДКРЫТА І СМЕЛА ПРОСТА Ў ТВАР! ШАБАНЫ!

408.54 КБ

22 сакавіка а 19.00 Інстытут імя Гётэ ў Мінску (вуліца Веры Харужай, 25/3)

каляндарнае

  • 21 Сак 2012 at 12:21 PM
пакуль вы крычалі і плакалі мяккімі знакамі,
брыльянт майго таленту паступова рабіўся шматграньнікам.
пачуцьцё маёй значнасьці кармілі такімі прысмакамі,
якія нават ня сьніліся майму страўніку,

я клаў дамкрат на ўсякія вашыя правілы,
лаяўся, бацаў на аргане лявоніху,
а вы даравалі мне і дадараваліся -
я ўсьвядоміў, нібыта я надта адораны,

я не змагаўся з злаякаснымі метастазамі
катэгарычнае рацыі, максімалізму
і непрыязьні да цэлых групаў і класаў -
напрыклад, крытыкаў: гэтым - ніякае літасьці.

і з чаго вы ўзялі што мне самому прыемна,
прыдумалі пра натхненьне і іншую ерась?
натхненьня няма - турма як правобраз паэзіі:
сядзіш сабе і крэмзаеш, крэмзаеш, крэмзаеш.

тэхнічны прагрэс, зьяўленьне мабільнай сувязі
ані не ўратуюць цябе ад уласнае дурасьці.
жадаеш пабачыць сябе ў люстэрку мінулага?
націсьні лічбы: адзін, дзевяць, тры.
задумайся.
Originally posted by [info]bacharevic at post
Выдавецтва "ГАЛІЯФЫ" запрашае ўсіх ахвотных
на прэзэнтацыю новай кнігі Альгерда БАХАРЭВІЧА

"ШАБАНЫ. ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЗЬНІКНЕНЬНЯ"

22 сакавіка а 19.00 Інстытут імя Гётэ ў Мінску
(вуліца Веры Харужай, 25/3)

Уваход вольны


Шабаны. Адно з сакральных месцаў сёньняшняга Менску. Канцавая станцыя мітычных аўтобусаў і нікому не цікавых лёсаў. Шабаны як брама; Шабаны як пастка. Іхная тапаніміка вяртае ў чужое мінулае, іхная геаграфія сягае далей за вызначаныя ім межы, іхная гісторыя больш загадкавая, чым можа падацца на першы погляд. Менавіта ў Шабанах і іх ваколіцах разгортваецца дзея гэтай кнігі, у якой прыватныя жыцьці герояў пераплятаюцца з забытымі тэорыямі акадэміка Мара, за кожным паваротам чакае патруль часу, а ўспаміны дзяцінства пішуцца на старых мапах.

Новая кніга Альгерда Бахарэвіча – раман пра магчымасьці мовы і немагчымасьць вяртаньня.

прадвесьне

  • 14 Сак 2012 at 1:22 PM
Промні ляжалі ў чырвоных галінах зарасьцяў,
цені цягнуліся ледзь не да далягляду. Усе
дзеці сядзелі ўдома і рыхтаваліся
да заўтрашніх першых дыктовак. Маўчала радыё.

Вясна падступала да кальцавой, прымервалася
да вокнаў новабудоўляў і шэрых сталінак,
капала з дахаў, каты раўлі як здурнелыя,
усьцяж па дварах цеплатрасы паўзлі праталінамі,

і ўсё намякала на тое, што здарыцца некалі,
лунала ў паветры, блукала трамвайнымі рэйкамі,
і сьнілася, і вымалёўвалася наперадзе -
няхай вы ўсе спачуваеце ёй і верыце,

аднак, не губляючы ўвагі сярод агаломшанасьці,
яна так упарта адсочвала і замарочвалася,
змагалася, ня пераймаючыся аналізам,
здаўна забывала ўсё тое, што вы баяліся.

Tags:

прэмія "дэбют"

  • 09 Сак 2012 at 12:49 PM

барыжнік

  • 09 Сак 2012 at 12:53 AM
Учора ў Менску гарэў будынак шырокавядомай прывакзальнай піўнухі "Аліварыя", напрыканцы мінулага дзесяцігоддзя вядомай у колах студэнтаў гуманітарных спецыяльнасьцяў пад папулярнай назвай Барыжнік. Як горад пачынаецца з вакзала, так вакзал для нас пачынаўся з Барыжніка. Зрэшты, ім жа, звычайна, і сканчаўся.

Хлусіць не выпадае - на адрозьненьне ад малодшых калегаў, нашае пакаленьне, здаецца, ні разу не запраўлялася тут перад электрычкай на Ждановічы, дзе мы на той час, з пэўнымі перапынкамі і агаворкамі, вучыліся. Мы адкрылі для сябе гэты ўтульны куток сталіцы ужо пасьля сканчэньня нашай альма матэр і паступленьня ў свае альмы мачахі.

Вакзал, які месьціцца прыкладна на роўнай адлегласьці ад усіх нашых кватэраў, быў зручным пунктам збору. Далёка мы не адыходзілі - піўнуха паміж пасадачнай платформай электрацягнікоў маладзечанскага кірунку і трамвайнымі рэйкамі па вуліцы Бабруйскай была ідэальным месцам сустрэчы. Пэўна, сказалася тут і доля настальгіі па ліцэйскім мінулым.

Студэнты, выкладчыкі ды іншая інтэлігенцыя разам з гасьцямі сталіцы і выпадковымі візітэрамі тоўпіліся ля прадуванай усімі вятрамі стойкі, а заўсёднікі, вакзальная багема, расьседжваліся на лаўках уздоўж бульвара - часта зь вялікімі прыязнымі сабакамі і музычнымі інструментамі. Ніколі не забуду, як аднойчы ўвечары яны выконвалі "Паляваньне на ваўкоў" - прычым сьпявала і акампанавала сабе на гітары няпэўнага ўзросту кабета.

У кожны момант сяброўская бяседа магла быць прыпыненая ненавязьлівым зваротам чарговага ветэрана броўнаўскага руху, які прасіў дробязь на квіток альбо "глынуць". Асаблівым спрытам вызначаўся аднарукі інвалід, які спраўна хапаў здаровай рукой стакан і ўвомірг вока асушаў яго напалову, зусім ня пераймаючыся далейшым лёсам недапітага. Зрэшты, трапляліся і рэальныя ахвяры злога лёсу - прыкладам, цалкам прыстойны з выгляду пенсіянер Антонавіч, які падыйшоў да нашай кампаніі ў пошуках сродкаў на квіток да Наваградка. Ня мог жа ён прадбачыць, што мы другі год запар бавілі там дзень-тры ўлетку, і з радасьцю запішам ягоны адрас, каб выпадкам адведаць. Праўда, так і не сабраліся.

Але самымі доўгімі і шчасьлівымі былі вечары на Барыжніку, калі мы сустракалі цягнік малодшых ліцэістаў, якія вярталіся зь летняй сесіі. Стойка адразу расквечвалася бляшанкамі зь незнаёмымі ёй раней прадуктамі піваварэньня суседзкіх рэспублік, а то і больш выкшталцонымі напоямі. Тут, дарэчы, я ўпершыню пакаштаваў абсэнт.

У адзін зь вечароў нас надоўга ўразіў ладна заліты турыст, які сьпяшаўся зь сябрамі на электрычку да Асіповічаў. Сьпяшаўся так, што набыўшы пяць пляшак піва і зараз жа дэманстратыўна разьбіўшы адну аб бетонную падлогу перад стойкай, нягледзячы на ўсе заклікі сяброў палез напрасткі цераз металічную агароджу ў добрыя два чалавечыя росты. З чатырма пляшкамі піва ў руках. І, што амаль неверагодна, пералез, не пабіўшы больш ніводнай. Мы віталі яго апладысментамі.

З надыходам халадоў Барыжнік закрываўся. Калі мне ня здраджвае памяць, назаўсёды паснуў ён узімку 2010-га, пасьля рэалізацыі 23 лютага сумнавядомых паправак у адміністрацыйны кодэкс. Мы пасталелі і ўсё часьцей пачалі шукаць больш прыстойных і адпаведных месцаў для адпачынку. Уся гэтая гісторыя з пажарам выглядае падазронай. Я добра памятаю тыя газавыя балоны, якія стаялі свайго часу проста на вуліцы пад адкрытым небам, а цяпер уяўлялі асаблівую небясьпеку. Хто ведае, ці ня быў верагодны падпал старой прывакзальнай піўнухі, вакол якой дзень і ноч ашываюцца міліцэйскія патрулі, спробаю захопу дарма марнаванай маёмасьці праз дыскрэдытацыю ранейшага ўласьніка? Лапік зямлі ў самым цэнтры сталіцы, які-ніякі. Час пакажа.
Нейкім чынам ты ўсё-ткі вырас у шчыліне між дзяржаў,
прытулкаў, манархаў, анархаў, жыдоўскіх грамад, рэспублік,
трымаючы за зубамі язык, каб ня так дрыжаў,
заўжды ўспрымаў размову як перадумову куплі-
продажу свайго бліжняга, таму пры першай нагодзе
наважыўся пазбыцца акоў, якімі цябе вязалі,
то бок зьмяніць прорву Ўсходу, сярод якога быў жыць ня ў змозе,
на збудаваныя далей на захад чыгуначныя вакзалы.
І ўрэшце, падстрэлены на мяжы, калі іншы, здаецца, ужо б патанаў,
ты ўсё ж трымаў у памяці неба, якое здавалася сінім,
і надзейна схаваных чырвонцаў золата, якое цябе цягнула да дна,
паслаўшы на псы тваю прагу прарвацца за межы Айчыны.
Уласна, дарэчней назваць твае ўцёкі плаваньнем,
Абапал ракі памежнікі толькі, адцягнутыя ад турбот,
сачылі, як цябе разварочвала плыньню ласкаваю
нібы царкву - галавою на Ўсход.

арыгінал

фотакарткі

  • 04 Сак 2012 at 4:01 AM
...тое, што мусіла здарыцца са мной, ужо адбылося гадоў 60 таму.
Вольга Гапеева

Разглядаючы фоткі ў старых альбомах, абліччы людзей, нібыта ня вельмі
блізкіх і родных, а ўсё ж знаёмых, трапляеш на тых, з кім сустрэнешся ў пекле:
хто быў партызанам, ці гнаў самагонку, сядзеў у турме і ва ўсіх у пячонках,
рабіў у школе ці самапомачы, словам - хто мазаў свой лоб зялёнкай
кожнага ранку замест сьняданьня чатыры гады бяз права маўчаньня,
штодзённа сьмерць пасылаючы нахрэн - чуеш, як адкрываюцца чакры?

Калі б ты мог, то спытаўся ў гэтых - якія, уласна, вы мелі мэты?
Такога адказу ня маем мы самі - але яны б табе адказалі:
у кожным часе і ў кожным месцы адзінае, што не губляе сэнсу -
рабіць памылкі бяз перапынку, каб з гонарам потым глядзець са здымкаў.
Мінулае збольшага непрадказальна, таму разьвітайцеся з тармазамі,
што будзе заўтра - ня гэтак важна: вайна прайшла, а далей ня страшна.

Маўчаць непрызнаныя ветэраны, і ты, нібыта зачараваны,
шукаеш сябе на пажоўклых фотках, гукаеш у цемру імёны мёртвых.
Як мы тады ня вымерлі - да канца ня цямім і самі.
Болей за ўсё мы нагадвалі зграю малпаў, толькі нядаўна з пальмы:
кампанія імбецылаў з сарвана-прапаленымі галасамі,
нашыя пысы і адрасы таксама былі прапаленыя.

Непрахадныя пад'езды і неправетраныя памяшканьні -
над кожным было рэальна павесіць прынамсі дзьве-тры сякеры:
раней ці пазьней яны мелі сарвацца і трэснуць па нашых карках,
хоць, зноў жа, мы да апошняга адмаўляліся ў гэта верыць.

Мы краталіся па дварах, ратавалі план, начавалі ў РАЎСах,
каталіся на аўтазаках, фатаграфаваліся там на памяць,
нас ведалі ўсе сабакі і хто-ніхто зь іх нават вітаўся,
мы прыдумлялі сабе біяграфіі і пасьміхаліся ў камеру.

Персанажы такіх мемуараў ніколі ў сапраўднасьці не існавалі -
мы самі стваралі сябе адпаведна іх вобразу і падабенству,
пачынаючы ад ідэалаў і ўрэшце сканчаючы колерам шалікаў,
колерам нашага неба, нашых вачэй, нашага сэрца.

Tags:

Originally posted by [info]khadanovich at Фэстываль "Вершы на асфальце": праграма
25.48 КБ

Міжнародны паэтычны фестываль
“ВЕРШЫ НА АСФАЛЬЦЕ”,
прысвечаны 75-годдзю Міхася Стральцова


ПРАГРАМА:

Субота, 25 лютага
канферэнц-заля Інстытута імя Гётэ (вул. Веры Харужай, 25/3)

15.00 – Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Леанід Дранько-Майсюк, Барыс Пятровіч, Любоў Турбіна згадваюць Міхася Стральцова і чытаюць ягоныя творы.

15.45-18.00 – паэтычныя чытанні: Алесь Аркуш, Міхал Анемпадыстаў, Сяргей Балахонаў, Генадзь Бураўкін, Леанід Галубовіч, Дзмітрый Дзмітрыеў, Галіна Дубянецкая, Віктар Жыбуль, Югася Каляда, Дар’я Ліс, Тацяна Нядбай, Сяргей Прылуцкі, Антон Рудак, Олена Стэпаненка (Украіна), Мары Сілкеберг (Швецыя).

Міхал Бараноўскі, гурт "Нельга забыць".

19.00-21.00 – Жаночы слэм
Галерэя Ў (пр. Незалежнасці 37А, ст. м. Плошча Перамогі)

Маргарыта Аляшкевіч, Раіса Баравікова, Вера Бурлак, Валярына Кустава, Ася Волкава, Аксана Данільчык, Каця Зыкава, Тацяна Нядбай, Аксана Спрынчан, Віка Трэнас, Анка Упала, Юлія Цімафеева, Вольга Чайкоўская, а таксама Солья Крапу (Фінляндыя/Швецыя) , Олена Стэпаненка (Украіна), Мары Сілкеберг (Швецыя).


Нядзеля, 26 лютага
канферэнц-заля Інстытута імя Гётэ (вул. Веры Харужай, 25/3)

15.00-16.30 – паэтычныя чытанні: Андрэй Адамовіч, Раіса Баравікова, Вольга Гапеева, Адам Глобус, Анатоль Івашчанка, Солья Крапу (Фінляндыя/Швецыя), Ігар Кулікоў, Дмытро Лазуткін (Украіна), Петэр Мілчак (Славакія), Ярыла Пшанічны, Алесь Разанаў, Людміла Рублеўская, Віктар Слінко.

Тацяна Беланогая з песнямі на вершы класікаў.

16.30-18.00 – чытанні паэтаў-перакладчыкаў: Алеся Башарымава, Лявон Баршчэўскі, Аксана Данільчык, Марына Казлоўская, Зміцер Колас, Уладзь Лянкевіч, Кацярына Маціеўская, Марыя Пушкіна, Алена Пятровіч, Віталь Рыжкоў, Міхась Скобла, Юлія Цімафеева.

Вядзе Андрэй Хадановіч.

17.22 КБ 18.46 КБ 12.99 КБ

16.14 КБ

анкета

дп
[info]kabierac
Антон Рудак

каляндар

Тра 2012
S M T W T F S
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

syndicate

RSS Atom
Распрацавана LiveJournal.com
Designed by Lilia Ahner